СЕРАПІЁН УЛАДЗІ́МІРСКІ (? — 1275),

старажытнарускі пісьменнік-прапаведнік. Архімандрыт Кіева-Пячэрскага манастыра, з 1274 епіскап Уладзімірскі. З яго «слоў» (пропаведзі, павучанні) дайшло 5 у зб-ках «Залатая чэпь» (14 ст.), «Паісіеўскі» (14 — пач. 15 ст.), «Ізмарагд», «Златавуст». Гал. тэма — пакуты рус. народа ў сувязі з мангола-татарскім нашэсцем. Славіў ратныя подзвігі абаронцаў роднай зямлі, выказваў надзею на вызваленне Русі і дакараў князёў, якія сваімі нязгодамі наклікалі на яе бяду як боскую кару за іх грахі, асуджаў сац. несправядлівасць, выкрываў забабоны, заклікаў да маральнага ўдасканалення. Ім уласцівы актуальнасць зместу, вобразнасць, паэтычнасць, эмацыянальнасць, дынамічнасць, рытмічнасць. Апрача царк. кніжнасці апіраўся на апокрыфы і нар. легенды, развіваў лепшыя традыцыі аратарскай прозы Іларыёна і Кірылы Тураўскага.

Літ.:

Памятники литературы Древней Руси, XIII в. М., 1981.

Л.​Л.​Кароткая.

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)